НАВУКО́ВА-ФАНТАСТЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж. Б.Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.Уайз, І.Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.Казанскі, У.Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж. Б.Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.Менакер), «Кіндза-дза» (1986, рэж. Г.Данелія) і інш.
Г.У.Шур.
т. 11, с. 109